Папярэдні запіс Share
Некалькі словаў пра новыя пераклады Святога Пісання
bartnicki
а. Сяргей Сурыновіч

Для беларускай біблеістыкі 2014 год стаўся асаблівым, бо свет пабачылі два пераклады “Чатыры Евангеллі” Антонія Бокуна і “Новы Запавет” Анатоля Клышкі.

Пераклад Антонія Бокуна.

10557217_978562682161342_4660131008606572850_n
Спадар Антоній Бокун прадставіў пераклад, здзейснены на падставе Textus Receptus Stephanus. Што гэта за крыніца? Гэты вынік працы з Бібліяй, надрукаванай Эразмам Ратэрдамскім, якая пабачыла свет ў 1516 годзе у Базалі. Эразмаўскай працай карыстаўся Марцін Лютэр, перакладаючы Біблію на нямецкую мову.
Наступны тэкст, складзены на падставе дробных рэдакцыяў тэкста Эразма, падрыхтаваў для друку Роберт Стэфанус (1503-1559), уладальнік тыпаграфіі ў Парыжы. Стэфанус апублікаваў чатыры выданні Новага Запавету ў 1546, 1549, 1550, 1551 гадах. Найбольш папулярным было трэцяе выданне 1550 года. Трохі пазней (з 1565 па 1604 гады) Тэадор Бэзэ ажно дзевяць разоў перавыдаваў гэты тэкст, уносіўшы невялікія папраўкі. На падставе трэцяга выдання Бэзэ быў здзейснены пераклад Бібліі на англійскую мову, вядомы як Біблія Караля Якуба.
Цяжка вызначыць, чаму перакладчык абраў менавіта тэкст Роберта Стэфануса, бо, нягледзечы на яго пашыранасць, большую значнасць і аўтарытэтнасць у перыядзе да канца XIX стагоддзя меў тэкст Бэзэ, але гэта іншае пытанне.
Калі разглядаць пераклад Антонія Бокуна цалкам, трэба заўважыць, што выкананы ён добрай літаратурнай беларускай мовай. Паслядоўна і сістэмна перакладчык перадае імёны ўласныя і геаграфічныя назвы. Сам тэкст максімальна набліжаны да абвешчанай крыніцы перакладу. Адзінае, што варта адзначыць, – існаванне ў сеціве даступнага для карыстання і спампоўвання падрадкоўніка Textus Receptus Stephanus на рускай мове, здзейсненага Віктарам Журомскім.
Вокладка Чатырох Евангелляў у перакладзе Бокуна ўпрыгожаная выявай кодэксу 0220 з урыўкам Паслання да Рымлянаў. Гэты фрагмент быў выпадкова набыты на рынку ў 1950 годзе ў Каіры, а ў 1953 годзе Курт Аланд уключыў яго ў сваё крытычнае выданне Новага Запавету (выданні UBS3, UBS4, NA26, NA27, NA28). У Textus Receptus гэты кодэкс не выкарыстоўваўся, бо быў здабыты толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Цяжка патлумачыць, чаму здымак менавіта гэтага кодэксу ўпрыгожвае вокладку, не маючы дачынення да пазначанай крыніцы перакладу – Textus Receptus Stephanus. Магчыма, вокладка сведчыць пра шанаванне перакладчыкам дасягненняў Нэстле-Аланда (наўрад ці яна стваралася выпадкова і без пэўнага сэнсу).
Такім чынам, падсумоўваючы гэтую невялікую ўзгадку пра пераклад чатырох Евангелляў Антонія Бокуна, адзначаем, што скарыстаная крыніца перакладу не актуальная для сучаснай біблістыкі, таму ня будзем рабіць падрабязны аналіз і параўноўваць паўсталы пераклад хаця б з падрадкоўнікам Журомскага – гэта можа зрабіць кожны зацікаўлены.

Пераклад Анатоля Клышкі

Новы-запавет
Пераклад Анатоля Клышкі мае даўнюю гісторыю. Першыя пераклады Клышкам Чатырох Евангелляў былі надрукаваныя ў нумарах часопіса «Спадчына» за 1989-1992 гады. Гэта былі не толькі першыя евангельскія тэксты, падрыхтаваныя беларускім перакладчыкам, але таксама першыя біблійныя тэксты, якія сталіся даступнымі для чытання пасля сямідзесяці гадоў камунізму. Праца, распачатая ў дзевяностых гадах, завершылася наяўным выданнем поўнага Новага Запавету ў перакладзе з найаўтарытэтнейшай на сённяшні дзень крыніцы штутгарцкага выдання Нэстле-Аланда (верагодна, 27-га).
У прадмове да колішняй публікацыі ў часопісе перакладчык піша: “Пераклад рабіўся з памяццю аб запавеце з амаль пяцісотгадовай даўніны нашага Францыска Скарыны – “з великою пильностию», з увагаю да кожнага верша, да кожнага слова як надзвычайнага дакумента”.
Ацэньваючы новавыдадзены збор, варта аддаць пашану аўтару беларускага “Буквара” і Новага Запавета, а таксама адзначыць у гэтай доўгай і грунтоўнай працы сапраўдныя пільнасць, адказнасць і адпаведную працавітасць.

[чытаць далей]
Аднак варта звярнуць увагу на месцы і словы, якія выклікаюць пытанні. У якасці прыладаў разглядзім Евангелля Яна, імёны ўласныядакладней, збег галосных на пачатку слова з грэцкай літарай “ι”, а таксама спосаб перадавання грэцкай літары “ζ”.

Звернемся да Евангелля Яна

Некаторыя розначытанні ў новым выданні перакладчык перадае ў квадратных дужках. Гэтыя розначытанні вынікаюць з тэксту Нэстле-Аланда, якім карыстаўся перакладчык, і варыянту Textus Receptus. Калі параўноўваць ранейшы пераклад Анатоля Клышкі, надрукаваны ў часопісе «Спадчына», і новаыдадзены, няцяжка заўважыць, што пазначэнні розначытанняў з Textus Receptus там адсутнічаюць. У некаторых месцах тэст цалкам адпаведае варыянту Нэстле-Аланда, у некаторых супадае з Textus Receptus. Ствараецца сувой крыніцаў перакладу. Прычыны такога сумяшчэння непразрыстыя. Што ж у новым перакладзе?

Прааналізуем некаторыя розначытанні ў Евангеллі Яна па наступных крытэрыях:

Папярэдні пераклад цалкам супадае з тэкстам Нэстле-Аланда, але новы пераклад утрымлівае ў квадратных дужках варыянт Textus Receptus.

Прыклад:
Тэкст з часопісу “Спадчына”: 4: 42 … Ён сапраўды збаўца свету”.
Тэкст Нэстле-Аланда: 4: 42 … ὁ σωτὴρ τοῦ κόσμου.
Тэкст новага перакладу: 4: 42 … Збаўца свету [Хрыстос].
Тэкст Textus Receptus: 4: 42 … ο σωτηρ του κοσμου ο χριστος

Іншы прыклад:
Тэкст з часопісу “Спадчына”: 7: 39 … Духа
Тэкст Нэстле-Аланда: 7: 39 … πνεῦμα
Тэкст новага перакладу: 7: 39 … [на іх Святога] Духа
Тэкст Textus Receptus: 7: 39 … πνευμα αγιον

“Хрыстос” ў першым і “Святы” у другім прыкладзе выкарыстаны выключна ў Textus Receptus (тут ўзяты Stephanus, 1550), але ў новым перакладзе падаецца ў квадратных дужках, нягледзячы на тое, што адсутнічае ў грэцкім тэксце Нэстле-Аланда. У першасным перакладзе Клышкі гэтага дадатку не было.

Прывядзем некаторыя іншыя падобныя прыклады.


Евангелле Яна Папярэдні тэкст Тэкст новага перакладу
4:43 выйшаў адтуль у Галілею выйшаў Ён адтуль [і пайшоў] у Галілею
6:11 раздаў тым, што ўзлягалі раздаў [вучням, а вучні ж] тым, што ўзлягалі
6:58 не такі, як елі бацькі і памерлі елі бацькі [вашы манну] і памерлі

Папярэдні пераклад супадае з тэкстам Textus Receptus, а новы прадстаўлены з дадаткам у квадратных дужках адсутнай лексікі ў Нэстле-Аландзе.

Евангелле Яна Літаральны пераклад з тэксту Нэстле-Аланда Тэкст з часопісу “Спадчына” Тэкст новага перакладу
5:12 вазьмі і хадзі вазьмі сваю пасцелю і хадзі вазьмі [сваю пасцель] і хадзі.
6:47 хто верыць хто веруе ў Мяне Хто веруе [у Мяне]

Новы пераклад цалкам не супадае з варыянтам Нэстле-Аланда, але кіруецца выключна варыянтам Textus Receptus.

Евангелле Яна Textus Receptus Літаральны пераклад з тэксту Нэстле-Аланда новы пераклад Клышкі
1:18 (адзінародны) Сын (адзінародны) Бог (адзінародны) Сын
19:39 сумесь Скрутак сумесь

Папярэдні пераклад цалкам супадае з Textus Receptus, новы цалкам з варыянтам Нэстле-Аланда (гэтыя супадзені ў новым перакладзе ўсё ж дамінуюць).

Евангелле Яна Літаральны пераклад з Textus Receptus Літаральны пераклад з тэксту Нэстле-Аланда новы пераклад Клышкі
1:28 εν βηθαβαρα
у Бэтабары
ἐν Βηθανίᾳ
у Бэтаніі
у Віфаніі
3:25 μετα ιουδαιων
з Юдэямі
μετὰ Ἰουδαίου
з Юдэем
з іудзеем
5:2 βηθεσδα
Бэтэсда
Βηθζαθὰ
Бэтзата
Віфзафа
6:69 ο υιος του θεου του ζωντος
Сын Бога жывога
ἅγιος τοῦ θεοῦ
Святы Бога
Святы Божы
9:11 υπαγε εις την κολυμβηθραν του σιλωαμ
ідзі ў купальню Сілаам
ὕπαγε εἰς τὸν Σιλωὰμ
ідзі ў Сілаам
Ідзі ў Сілаам
21:15 σιμων ιωνα
Сымон Ёнаў
Σίμων Ἰωάννου
Сымон Янаў
Сімане Іаанаў

Можна зрабіць выснову, што новы пераклад Анатоля Клышкі грунтуецца ўсё ж на грэцкім тэксце Нэстле-Аланда, – але з улікам папярэдняга перакладу, крыніцай якога (тэарэтычна) быў Textus Receptus. Гэтым можна патлумачыць, чаму ў большасці выпадкаў перакладчык бярэ ў квадратныя дужкі розначытанні паміж дзвюмя грэцкімі крыніцамі, і ў вельмі рэдкіх выпадках кіруецца толькі Textus Receptus замест варыянта Нэстле-Аланда.

Імёны ўласныя ў новым перакладзе

Імёны ўласныя (таксама геаграфічныя назвы) перакладчык перадае непасрэдна з грэцкай мовы. Падобная практыка мае месца ў многіх перакладах на сучасныя мовы (напрыклад, на англійскую мову), дзе ў Новым Запавеце не ўлічваецца семіцкае і лацінскае паходжанне некаторых амонімаў, а транслітэрацыя здзяйсняецца з грэцкай крыніцы перакладу Новага Запавету (у Старым Запавеце – з габрэйскай). У ранейшым варыянце перакладчык пазначае: “Напісанне імён, геаграфічных назваў і г. д. падаецца згодна з усходнехрысціянскай рэлігійнай традыцыяй”. Цяжка зразумець гэтую фармуліроўку пры непаслядоўнасці і мноства формаў назваў у шматлікіх беларускіх перакладах, якія таксама нібыты ствараліся шляхам “усходнехрысціянскай рэлігійнай традыцыяй”. Калі гаворка ідзе пра перадаванне грэцкай “β” праз “в”, а не “б” і “θ” праз “ф”,а не “т” і г.д., то і тут можна сустрэць розныя варыянты, без асаблівых тлумачэнняў і навуковай абгрунтаванасці. Чаму ж тады “усходнехрысціянскаяй рэлігійная традыцыя” грэцкую “β” у самым галоўным слове “Біблія” (грэц. βιβλία) перадае праз “б” замест “в”? Калі кіравацца менавіта ёю, то тады павінна быць “Вівлія”, “Базыль” –  "Вазыль", “батлейка”  – "ватлейка" і г.д. Наўрад ці мы станем пісаць замест слова “матэматыка” – “мафематыка”, але чамусці пішам “Афіны” і ў той жа час “атлет” замест “афлет”. Гэта словы аднакарэнныя, з грэцкай “θ”, то, можа, тады ўсё ж лепей “Атэны”?

Прааналізуем утварэнне некаторых назваў у новым перакладзе

-ια на пачатку слова ў новым перакладзе перакладчык перадае як -Ія (Ἰακώβ – Іякаў, Ἰαρέδ – Іярэт, Ἰάσων – Іясан), што з’яўляецца пэўным унармаваннем, бо ранейшы пераклад утрымліваў розныя спосабы перадавання гэтага збегу галосных на пачатку слова: Якаў, Іарэт, Іясан.

-ιε на пачатку слова як -Іе (Ἰερεμίας – Іерамія, Ἰεχονίας – Іеханія), у першым складзе перад націскам як -Ія (Ἰεφθάε – Іяфай). У папярэднім перакладзе: Іерамія, Еханія.

-ιο як -Іо (Ἰόππη – Іопія), у першым складзе перад націскам як -Іа (Ἰορδάνης – Іардан). У папярэднім перакладзе: Іярдан.

-ιου на пачатку слова як -Іу (Ἰούδα - Іуда, Ἰούδας - Іуда), папярэднім перакладзе: Іуда, Юда. Але ў новым перакладзе сустракаецца і як -Ю (Ἰουλία – Юлія, Ἰούλιος – Юлій, Ἰουνιᾶς – Юнія, Ἰοῦστος – Юст).

-ιω на пачатку слова як -Іо (Ἰώβ - Іоў, Ἰωνᾶς - Іона), на пачатку слова перад націскам як -Іа (Ἰωάννα – Іаанна, Ἰωανάν – Іаан).

Цяжка вытлумачыць чаму “Іякаў, Іерамія”, – але “Іуда, Іона” замест прынятых сучасных нормаў – “Якаў, Ерамія, Юда, Ёна”, бяручы пад увагу толькі пададзены для аналізу ў гэтым артыкуле збег галосных на пачатку слова.

Тамсама ўзнікае пытанне адносна непаслядоўнае перадаванне “ζ” праз “з” і “дз”. Да 50-х гадоў мінулага стагоддзя мы сустракаем у беларускай літаратуры слова “Дзэўс”, таксама ў некаторых сучасных перакладах: "Чуеш, Дзэўс? А Сонца, Зямля? – Як няшчасная стогне там Маладзіца?" (Трагедыя Эўрыпіда "Медэя", пераклад са старагрэцкай Лявона Баршчэўскага), але ў сучасную літаратурную мову гэтае слова ўсё ж увайшло і замацавалася як “Зеўс”. Усе перакладчыкі перадаюць гэтае імя выключна як “Зеўс (Зэўс)”, – акрамя Клышкі. Чаму ж перакладчык такія словы, як Ἀχάζ – Ахадз, Ἰεζάβελ – Іедзавель, Ζοροβαβέλ – Дзарававель, Ζάρα – Дзара, Ἐλεάζαρ – Эляадзар перадае з літарай “дз”, а такія словы, як Ἐλιέζερ – Эліезер, Ζαβουλών – Завулон, Λάζαρος – Лазар, Ναζαρέθ – Назарэт, Ἀζώρ – Азор праз “з”? Нават калі “Лазар, Назарэт” (а не магчымае “Ладзар, Надзарэт”) можна было б аднесці да трывалых даўнозапазычаных фармаў, то “Азор, Эліезер”, (а не “Адзор, Эліедзер”) да такіх аднесці пакуль немагчыма.

Падсумоўваючы, усё ж можна сцвердзіць, што айчынная біблістыка ўзбагацілася новым перакладам Новага Запавета, здзейсненым, урэшце, з арыгінальнай мовы. Выданне Нэстле-Аланда, якое стала крыніцай гэтага перакладу, з’яўляецца самым прызнаным і самым аўтарытэтным у сучаснай біблістыцы. Новы тэкст перакладу мае свае дробныя недахопы, якія былі прааналізаваныя на падставе Евангелля Яна і некаторых імёнаў уласных, таму застаецца спадзявацца, што іх улічаць наступныя перакладчыкі.
Цэтлікі:

  • 1
А кто занимался редактурой переводов ?
Сами авторы ?

  • 1
?

Log in

No account? Create an account