Папярэдні запіс Share Наступны запіс
да біблійных пераклаў ХХ стагоддзя
bartnicki
      (з маго выступу на кангрэсе ў Коўне, кастрычнік 2013)
        На пачатку ХХ стагодзя перакладам біблійных кніг Новага Запавету заняўся каталіцкі святар Адам Лісоўскі. Паводле сведчанняў біскупа Чэслава Сіповіча і Янкі Садоўскага, ксяндзом Лісоўскім (прыблізна1907-1922 гг.) былі перакладзеныя: Апокаліпсіс, Апостальскія Дзеі, Лісты сьв. Паўла да Рымлян, Галатаў, Карынтаў [1]. Язэп Германовіч выказаў меркаванне, што гэтыя тэксты былі выкарыстаныя Ідэльфонсам Бобічам[2] і Адамам Станкевічам[3]. Гэтыя тэксты пакуль не знойдзены.
          Першым выданнем 1922 года, якое ўключала біблійныя ўрыўкі, стала “Niadzielašnija Ewanhielii i nawuki” у трох тамах ксяндза Ідэльфонса Бобіча. Цэнзар кс. прафесар А.Крайяліс даў сваю згоду на друкаванне кнігі, але сакратар біскупскай курыі кс. І. Халецкі, перш чым даць цэнзарскі дазвол да подпісу біскупа, даслаў ліст у Варшаву езуіту Шчапанскаму, у якога пытаўся, – ці можна выдаваць гэтую кнігу. Адказ быў адмоўны, але кс. Крайяліс напісаў біскупу Матулевічу пра беспадстаўнасць забароны, і кс. Бобіч атрымаў дазвол на выданне сваёй працы[4].
Займаўся перакладамі ў гэты час таксама Вацлаў Ластоўскі[5], але пераклад усіх кніг Новага Запавету і адной са Старога Запавету (Псалмоў) пабачыў свет у 1931 годзе. Пераклад здзейснілі Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч.
          Практычна адначасова пабачылі свет выданні: “Божае Слова: Лекцыі, Эванэліі і прамовы на нядзелі і сьвяты[6]” ксяндза Адама Станкевіча у 1938 годзе і “Čatyry Evangelii i Apostalskija Dzei[7]” ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага ў 1939 годзе.
Паасобныя кнігі Бібліі пераклалі Вітаўт Тумаш, а. Леў Гарошка, Леанід Галяк. У 1954 годзе выдадзеныя “Sviataja Evanelija i Apostalskija dziei”, а затым у 1974 годзе “Listy śviatyh apostalaŭ” і ў 2008 годзе “Лісты Апостала Паўла да Тыматэя” ксяндзом Пётрам Татарыновічам.
Ян Пятроўскі, пачынаючы з 1959 года перакладае і выдае паасобныя кнігі Старога Запавету і ў 1991 годзе – Евангелле Яна. Пераклады Евангелляў здзяйсняе, пачынаючы ад 1960 года, Міхаць Міцкевіч. Перакладамі паасобных псалмоў у гэты час займаюцца мітрапаліт Мікалай Мацукевіч, Вацлаў Пануцэвіч і ксёндз Язэп Германовіч.
У 1970 годзе выдадзены Новы Запавет у перакладзе Янкі Станкевіча, а ў 1973 годзе поўная Біблія ў перакладзе з габрэйскай і грэцкай моваў у супрацоўніцтве з Майсеем Гітліным[8].
З 1970-га года распачынае працу над сваім перакладам кс. Уладзіслаў Чарняўскі, якая пасля выдання паасобных кніг Старогу Запавету і двух выданняў Новага Запавету перацякла ў выданне Біблейскім Таварыствам поўнай Бібліі[9] ў 2012 годзе.
          Мітрапаліт Андрэй Крыт у 1978-1979 гг. займаецца перакладам паасобных псалмоў, а мітрапаліт Мікалай Мацукевіч выдае ў 1988 годзе “Напрастольнае святое Евангелле”, у 1992-1995 годзе “Парэміі: збор 285 парэмій, якія чытаюцца на багаслужбах” з выбранымі тэкстамі Старога Запавету і “Багаслужбовы Апостал” у 1998 годзе.
          Айцец Аляксандр Надсан у перыяд з 1970 па 2011 здзейсніў пераклады некаторых кніг Старога і Новага Запавету: кнігі Ёны, Псалмоў Давідавых, Апосталаў, Евангельскіх тэкстаў, Пракіменаў, 9 песняў Святога Пісання.
          У часопісе “Спадчына” з 1989 па 1992 гг. былі апублікаваныя чатыры Евангеллі Анатоля Клышкі. Скончаная праца па перакладу ўсіх кніг Новага Запавету.
          Песня Песняў Старога Запавету ў перакладзе Васіля Сёмухі пабачыла свет ў 1990 годзе. Напрацягу наступных гадоў  былі яе перавыданні, выданне Новага Запавету і Псалмоў у 1995 годзе, а ў 2002 годзе была выдадзеная поўная Біблія.
            Біблейская  Камісія пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхата распачала сваю перакладніцкую дзейнасць у 1991 годзе, дзякуючы чаму свет пабачылі паасобныя пераклады Евангелляў, Дзеяў Апосталаў, Саборныя Пасланні Святых Апосталаў, Пасланне да Рымлян Апостала Паўла, 1-е Пасланне да Карынфян Апостала Паўла.
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, якая дзейнічае з 1992 года, прадставіла электронную версію кніг Новага Запавету[10] (20 кніг, папаўняецца), Лекцыянарыі, у 2012 годзе выдадзенае Святое Евангелле.
Перакладамі кнігі Псалмоў  і песняў Бібліі ў перыяд з 1993 года па 2002 год займаліся прот. Сяргей Горбік і прот. Сергій Гардун. У электроннай версіі даступны пераклад поўнай кнігі Псалмоў Міхаіла Астапчыка[11].
Працоўная группа, пад кіраўніцтвам кс. Уладыслава Завальнюка, ў 1997 годзе, а затым у 2007 годзе выдала пераклад Евангелляў. У 2010 годзе быў выдадзены пераклад Эрнста Сабілы-Сяргея Малахава Евангелля апостала Яна.
          Падсумоўваючы, пералічым наяўныя варыянты перакладаў:
                      Тры варыянты перакладаў кніг Старога і Новага Запавету (Янка Станкевіч, Васіль Сёмуха, Уладзіслаў Чарняўскі);
                      Пяць варыянтаў перакладу поўнага Новага Запавету (вышэй узгаданыя аўтары, а таксама Лука Дзекуць-Малей, Анатоль Клышка);
                      Тры варыянты (два з якіх будуць скончаныя ў бліжэйшым часе) з недахопам у некалькі кніг Новага Запавету (Пётр Татарыновіч (адсутнічае кніга Апакаліпсіса), секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, біблейская Камісія пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхата);
                        Дванаццаць перакладаў чатырох Евангелляў (вышэй узгаданыя аўтары, секцыі і камісіі, а таксама Вінцэнт Гадлеўскі, Міхась Міцкевіч, Мікалай Мацукевіч, Уладзіслаў Завалюнюк);
                      Трынаццаць варыянтаў Евангелля Яна (вышэй узгаданыя аўтары, секцыі і камісіі, а таксама Ян Пятроўскі, Эрнст Сабіла-Сяргей Малахаў);
                      Дзевяць варыянтаў Дзеяў Апосталаў (Лука Дзекуць-Малей, Вінцэнт Гадлеўскі, Пётр Татарыновіч, Янка Станкевіч, Васіль Сёмуха, Уладзіслаў Чарняўскі, Анатоль Клышка, секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, біблейская Камісія пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхата).
          Да гэтага пераліку дадаюцца аўтары, якія перакладалі паасобныя часткі кніг і кнігі Новага і Старога Запавету: Адам Лісоўскі, Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты), Вацлаў Ластоўскі, Адам Станкевіч, Вітаўт Тумаш, Леў Гарошка, Леанід Галяк, Вацлаў Пануцэвіч, Язэп Германовіч (Вінцук Адважны), Андрэй Крыт, Аляксандар Надсан, Аляксей Мельнікаў, Сяргей Горбік, Сергій Гардун, Яўген Карпук, Міхаіл Астапчык.
Такім чынам, налічваецца каля шаснаццаці аўтарскіх варыянтаў, якія з аднаго боку з’яўляюцца каштоўнай спадчынай беларускай біблістыкі, але таксама, калі ўзяць пад увагу мноства формаў і варыянтаў, выкарыстанных ў аўтарскіх перакладах імёнаў  уласных і геаграфічных назваў, своеасаблівай “бабілонскай вежай”. Імёны ўласныя і геаграфічныя назвы часцей за ўсё запазычаныя з рускай ці польскай моваў. Падобная праблема транскрыпцыі імёнаў уласных і геаграфічных назваў не толькі ў біблійных перакладах, але у навуковай, гістарычнай і мастацкай літаратуры мае даволі хаатычны выгляд і не рэгулюецца ніякімі цвёрдымі нормамі. Незалежна ад крыніцы паходжання тэксту – ці гэта грэцкі арыгінал, ці гэта іншая сучасная ці старажытная мова, дзе сустракаюцца антычныя назвы, – перакладчыкамі ў афіцыйных выданнях вельмі часта выкарыстоўваюцца імёны ўласныя і геаграфічныя назвы згодна з наяўнымі варыянтамі нашых суседзяў. Таксама перакладчыкі наважваюцца на ўтварэнне аўтарскіх варыянтаў:
Ἀβιά, (Арыг.: אֲבִיָּה Транс.: Abijjah H29): Ава; Абій; Авія; Абія; Авія.
Ἂἰθίοψ, -οπος, ὁ (Арыг.: Αἰθίοψ Транс.: Aithiops): Ефіопляні́н; Эфіоп; Этыёп; Этыопец.
Δανιήλ, (Арыг.: דִּנִיֵּאל ад דָּן H1835 і אֵל H410 Транс.: Daniel H1840): Данель; Даніла; Данііл; Даніэль; Даніель; Даніла.
Толькі нязначная частка імёнаў ўласных і геаграфічных назваў замацавалася як агульная для ўсіў перакладчыкаў ХХ стагоддзя:
Ἀαρών, (Арыг.: אַהֲרוֹן Транс.: Aarón H175): Аарон.
Δαυίδ, (Арыг.: דָּוִד ад דּוֹד H1730 Транс.: David H1732): Давід.
Δεκάπολις, εως, (Арыг.: Δεκάπολις): Дзесяцімесце; Дзесяціградзьдзе; Дзесяцігароддзе; Дэкаполь.
                Θεσσαλονίκη, ς, (Арыг.: Θεσσαλονίκη): Салунь; Тэсалёніка; Тэссалоніка; Фесалоніка.
Навуковым даследчыкам і перакладчыкам, лектарам і педагогам, рэдактарам і карэктарам даводзіцца сутыкацца з цяжкасцямі, самастойна вырашаючы пытанні адносна таго, як транскрыбуецца тое ці іншае імя ці гістарычны тэрмін, у дачыненні ці ледзь не да кожнага асобнага выпадку. Неўрэгуляванасць транскрыпцыі надзвычай абцяжарвае і запавольвае працу пры карыстанні бібліяграфічнымі даведнікамі, каталогамі, энцыклапедыямі, гістарычнымі картамі і г.д. Прысутнасць шматлікіх варыянтаў імёнаў ўласных і геаграфічных назваў (адрозных згодна з канфесійнымі традыцыямі, аўтарскімі пошукамі і неўнармаванымі афіцыйнымі варыянтамі) у біблійных перакладах не спрыяе таксама стварэнню адзінай Бібліі, якая задаволіла б ўсіх зацікаўленых.

[1] Календарыюм, Czasopis № 10/2004
[3] Аляксандр Аўдзяюк, "Наша слова", №№ 46-47/2011
[4] пар. Аляксандр Адамковіч, "Наша Вера", 2(8)/1999
[5] Цар Саламон. Песьні-песьняў, пер. В. Ластоўскага, Крывіч : месячнік літэратуры, культуры і грамадзкага жыцьця, 1926, № 1 (11). – сс. 1-6.
[6] Božaje słova: lekcyi, Evanelii i pramovy na niadzieli i sviaty, Ad. Stankievič. - Lvoŭ ; Vilnia : Biełaruskaje Katolickaje Vydaviectva, 1938. – 372 с.
[7] Čatyry Evangelii i Apostalskija Dzei | Рeralažyu i padau wyjasnienni ks. mhr Vincent Hadleuski. – Wilnia, 1939. – 417 s.
[8] Сьвятая Бібля: Кнігі сьвятога пісьма Старога й Новага закону | З мовы габрэйскае а грэцкае. – Нью Ёрк, 1973. – 840 + 260 с. (Пераклад Я. Станкевіча і М.Гітліна)
[9] Біблія. Кнігі Святога пісання Старога й Новага Запаветаў. [На падставе рукапісаў Ул. Чарняўскага; Навук. рад. пер. Ж. Некрашэвіч-Кароткая; праф. Оксфардскага універсітэта Джон Элволд]. – Мн.: Біблейскае Таварыства ў РБ, 2012. – 1120 с
Цэтлікі:

  • 1
А дзе можна пазнаёміцца з поўным тэкстам выступлення?

я змяшчу вышэй ў пастах правілы, але без прыкладаў, прыклады у аддзельным посце

Ойчанька, у якасьці ўдакладненьня:
- а. Язэп Германовіч перакладаў не паасобныя псалмы (паасобныя ён перакладаў вершавана), а зрабіў пераклад усяе Псалтыры цалкам. У нэце ў доступе пакуль толькі 1-я катызма, іншае я шчэ з рукапісаў не панабіраў. Трэ неяк узяцца ды дарабіць.
- і а. Сяргей Горбік перакладам псалмоў ды біблійных песьняў не займаўся, бо браў усе біблейскія тэксты з Сёмухі, а перакладаў адно асобныя парэміі з другакананічных кніг, якія ў Сёмухава выданьне не ўвайшлі.

Але ж шмат у нас напазапашвалася! :) А кажуць, што 1000 гадоў без Бібліі ))

дзякую, ойча, за ўдакладненні

  • 1
?

Log in

No account? Create an account