?

Log in

No account? Create an account
Папярэдні запіс Share Наступны запіс
Памёр найстарэйшы беларускі святар на эміграцыі айцец Кастусь Маскалік
bartnicki

12-га красавіка памёр найстарэйшы беларускі святар на эміграцыі айцец Кастусь Маскалік. Быў ён святаром усходняга абраду. Дзяцінства й юнацтва айца Кастуся было закалыханае нясьпешным заходнебеларускім мястэчкам Гародзеем (сёньня ў Нясьвіскім раёне), так няўдала перазваным Саветамі на Гарадзею, і гэтая тутэйшая нясьпешнасьць сталася адной з самых пазнавальных рысаў айца Кастуся. Ён так і не навучыўся адпавядаць шалёным вібрацыям сучаснага сьвету, назаўсёды застаўшыся там, у сваім усё больш і больш далёкім дзяцінстве.  

Калі вайна захлынула Гародзей, Кастусь быў прызваны ў Чырвоную Армію, зь якой апынуўся на ўсходзе СССР, а потым запісаўся ў войска генэрала Андэрса, бо Чырвонае войска аніяк не адпавядала ягоным уяўленьням пра свой зямны шлях.

Прайшоў з войскам увесь Блізкі Усход, на ўсё жыцьцё запомніўшы даты й дэталі тога падарожжа, якое ён, пабожны хлопец, патрапіў ператварыць у пілігрымку на Сьвятую Зямлю.

Потым, ужо старым і нямоглым сьвятаром Беларускае Каталіцкае Місіі ў Лёндане, айцец Кастусь за якім-небудзь сьняданкам мог раптам сказаць: «Сёньня 50 гадоў, як я перайшоў Ярдан», або, скажам, як я ўвайшоў у Ерусалім. І ганарыўся, што за ўсё вайну не зрабіў аніводнага стрэлу! (ён, здаецца, служыў пры кухні, і таму яму гэта ўдалося). А таксама захаваў адзін новенькі камплект вайсковае бялізны.

Па вайне ў рымскім езуіцкім калегіюме Rusicum атрымаў адукацыю ды быў высьвячаны на сьвятара. Працаваў у розныя гады ў розных краінах — то чытаў па-беларуску навіны на ватыканскім радыё, то ўзначальваў беларускую каталіцкую місію ў Парыжы (пакуль беларускі сьвятар-падзьвіжнік Леў Гарошка праходзіў марыянскі навіцыят у Лёндане).

Але найбольш часу, бадай, пражыў у Лёндане. І заўсёды-заўсёды ў думках жыў дома, у ідэальным Гародзеі свайго жыцьця, сталіцы свае душы. У любы момант ён мог пачаць аповяд пра тамтэйшых людзей, часам згадваючы, хто ў што быў апрануты пры нейкай нагодзе. Да драбніцаў апісваў, як на якое сьвята ўпрыгожвалі царкву, што рабілі, што гатавалі ды сьпявалі па сьвятах у хаце, як хавалі старых, а як маладых, а як тапельцаў — і гэтым расповедам не было канца.

І ўсё гэта — на пекнай, цёплай і жывой беларускай мове, на якую аніяк не наклаліся іншыя жыцьцёвыя лінгвістычныя досьведы. І бульба нязьменна звалася «картопляй», і прозьвішчы былі «прозьвіскамі», і сакавітыя выразы ня трацілі свайго водару.

Пасля вайны айцец Кастусь пражываў у езуіцкім калегіюме “Русікум” у Рыме. На сьвятара быў высьвячаны 10-га красавіка 1955-га году ў Рыме ўкраінскім арцыбіскупам Іванам Бучко. Да 1984-га году, з маленкім перарывам, працаваў у беларускай праграме Ватыканскага Радыё, будучы, галоўным чынам, дыктарам. Працу пачаў з заснавальнікам праграмы айцом Пётрам Татарыновічам. Ён навечна застаўся часцінкаю Беларусі, беларускае памяці, якой так часта бракуе нам цяпер.  

Хай добры Бог дасць супакой душы свайго вернага слугі
А вось як успамінае нябошчыка айцец Аляксандар Надсан
Цэтлікі:

  • 1
у такіх момантах чамусці ўзнікае думка: каб жа не згубіць тое, чаго асягнулі нашыя слаўныя папярэднікі...

Галоўнае, на мой погляд, быць сапраўднымі хрысьціянамі і беларусамі і не хаваць гэтага.
Вельмі часта такая "прапаганда" больш пераканальная за любую іншую.

  • 1