а. Сяргей Сурыновіч, Парафія Божага Провіду

Некалькі думак...
[info]bartnicki


Прыгожая ўсмешка інтрыгуе, сціплая замілоўвае, добрая суцяшае, шчаслівая зачароўвае, шчырая натхняе. Паверце, ўсмешка не пакіне нікога абыякавым. Усміхайцеся часцей!)))


Мы крыўдзімся, сварымся і злуёмся толькі на тых, каго так баімся згубіць, каго так шчыра любім...

Не многія ўбачыць увесь боль у тваіх вачах у той час, калі астатнія будуць верыць у тваю штучную ўсмешку!

Ключ, які можа адкрываць усе замкі - знаходка для злодзея, а замок, які можна адкрыць любым ключом - бесцань і тандэт...

Толькі мае справы могуць мяне зрабіць багатым, а не безліч рэчаў, якімі валодаю…


Слабодка развіталася з ксяндзом Уладзіславам Пятрайцісам
[info]bartnicki
З 13 па 14 траўня адбывалася малітоўнае чуванне ў Слабодцы ля гроба ксяндза каноніка Уладзіслава Пятрайціса.

гроб у Іказні (перавезены са Слабодкі)


Адышоў у вечнасць кс. канонік Уладзіслаў Пятрайціс
[info]bartnicki

9 мая 2012 г. у 23 гадзіны адышоў у вечнасць святар Віцебскай дыяцэзіі кс. канонік Уладзіслаў Пятрайціс.

Ксёндз Пятрайціс нарадзіўся 20 студзеня 1955 г. у в. Пацэнуляй Радвілішкіскага раёна ў Літве. Вучыўся ў Духоўнай семінарыі ў Каўнасе. Святарскае пасвячэнне атрымаў 14 мая 1985 г. у Жасляі. Працу ў Беларусі распачаў у лістападзе 1985 г. у Мёрах, дзе працаваў да 2000 г.

Адзін з першых святараў, пры ім шырока і багата загучала ў святыні беларуская мова, выходзіла газета “Голас душы”, на ахвяраваньні каля касцёла быў пастаўлены адзіны ў Еўропе помнік ненароджанаму дзіцяці, зроблены скульптарамі Юрасём Аношкай, Алесем Дранцом і архітэктарам Уладзімірам Папругай. У 1998 годзе таксама на ахвяраванні вернікаў быў устаноўлена манументальная скульптура Маці Божая з Дзіцяцем Езус, скульптара Ігара Голубева. На новых парафіяльных могілках была пабудавана капліца.

З 2000 па 2008 гг. быў адміністратарам парафіі ў Слабодцы Браслаўскага раёна.

 " Мая радзіма – Літва. - Распавядае кс. Пятрайціс. - У маленстве размаўляў толькі па-літоўску. Затым давялося вучыць рускую, англійскую, польскую, лацінскую мовы. Хрысціў жа мяне Гілярый Місюнас – святар, які добра ведаў беларускую. Відаць, наканавана было з цягам часу і мне парадніцца з ёю...
Упершыню пачуў беларускую гаворку на Міёршчыне, куды патрапіў служыць у 1985 годзе. Пачаў чытаць, прасіў парафіян, каб падказвалі, як правільна ўжываць той ці іншы выраз, каб папраўлялі маё вымаўленне. Так адным з першых маладых ксяндзоў на Віцебшчыне і адважыўся служыць па-беларуску. Зараз служу ў Браслаўскім раёне, што таксама па-свойму сімвалічна ў маёй святарскай працы. Яшчэ да вайны ў Друі ксяндзы-марыяне рупіліся пра беларушчыну ў духоўным жыцці і навучанні дзяцей. У нашым іказненскім касцёле Літургія Слова гучыць абавязкова на беларускай мове. А я, размаўляючы ці пішучы, у думках ужо не перакладаю, як раней, з літоўскай, бо ў такія моманты думаю таксама па-беларуску. Нават вершы сілюся складаць – для сябе, сяброў".

Чытаць болей... )

У 2001 г. біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін менаваў кс. Пятрайціса канонікам Віцебскай катэдры.

З 2008 г. па дзень смерці быў адміністратарам парафіі ў Іказні Браслаўскага раёна.

Памятаем, удзячныя, молімся...

Святкаванне 100-годдзя парафіяльнага касцёла Божага Провіду ў Слабодцы. 


Цэтлікі:

Біблія, што зачыніла стагоддзе…
[info]bartnicki

Айцец Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся 14 студзеня 1916 г. у засценку Амбружын каля Гальшанаў Гарадзенскай губерні. Паходзіць з беларускай сялянскай каталіцкай сям’і. Скончыў 4 класы ў Вішнеўскай школе, вучыўся ў Крэўскай гімназіі. У 1931—1933 гг. навучаўся ў настаўніцкай гімназіі ў Барунах Ашмянскага павету.

У 1934 г. пад уплывам свайго дзядзькі ксяндза Францішка Чарняўскага паступіў у гімназію ў Друі пры кляштары айцоў-марыянаў. Пасля сканчэння гімназіі паступіў у навіцыят марыянаў. У пэрыяд савецкай акупацыі, а потым пад час нямецкай акупацыі ён вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1945 г.

У кастрычніку 1944 г. з рук біскупа Мечыслава Райніса прыняў святарскія свядчанні. Першую службу рукапакладзены святар адслужыў у Крэве з ужываннем беларускай мовы. Пасля вярнуўся ў Вільню і пэўны час працаваў у касцёле Святога Ігната. Затым служыў у Укмэрге, Гегужыне, Ернішках, Варэне, Эйшышках, пасля чаго перавёўся ў Беларусь. Напачатку служыў у Войстане на Смаргоншчыне, а з 1954 г. распачаў служэнне ў Вішнеўскім касцёле Валожынскага раёну. Нейкім Божым промыслам яму ўдалося амаль у адзіночку супрацьстаяць атэізму, даносіць заблудным душам духоўную праўду. Яго місіянерства не абмяжоўвалася багаслоўем. Айцец Чарняўскі на кожнай пропаведзі ўзгадваў, што мова наша не толькі матчына, але і дадзеная Богам. З айцом Уладзіславам стараліся падтрымліваць сувязь замежныя прыхільнікі беларускай культуры. Неаднойчы ў сціплы, пафарбаваны ў карычневы колер дом Чарняўскага наведваўся Уладзімір Караткевіч. Славуты пісьменнік нават прызнаўся, што адзін з персанажаў аповесці «Чорны замак Альшанскі» спісаны з вішнеўскага ксяндза.



Чытаць болей... )

Цэтлікі:

Берэшыт, альбо што тоіць габрэйская мова….
[info]bartnicki

Трымаючы ў руках упершыню тэкст на габрэйскай мове ў чалавека, напэўна, узнікне пытанне: як жа тут справіцца, як здолець звязаць усе гэтыя рыскі, кропачкі, завітушкі ў адно цэлае? Калі пачаць вывучаць габрэйскія літары, то таксама ўзнікае шмат цяжкасцяў – як звязаць усе зычныя літары, якая ўзаемасувязь у самім слове і паміж словамі ў сказе ды ўвогуле ў тэксце? Вялізнае праблема паўстае і тады, калі чалавек, які звыкся з прынятымі нормамі і ўзаемасувязямі ў сваёй роднай мове, абумоўленымі і прынятымі правіламі, пачынае разумець, што габрэйская мова з’яўляецца адрознай і ў сэнсе агульнапрынятых нормаў узаемадамоўленасці адносна значэння канкрэтнага слова, ці проста кажучы мовай неканвенцыйнай.


Чытаць болей... )

Цэтлікі:

РАСКЛАД СВЯТЫХ ІМШАЎ
[info]bartnicki

ЛЕТНІ ЧАС (ад Вялікдзеня да 14 верасня)

Панядзелак - Серада - Пятніца  08.00
Аўторак - Чацвер - Субота  20.00 


Адвэнт   7.00 (з 1 па 16 снежня) іншыя дні згодна з зімовым часам


Вігілія Божага Нараджэння  22.00
Велікодная Вігілія  22.00
Рэзурэкцыя  06.00

ЗІМОВЫ ЧАС (ад 14 верасня да Вялікага Тыдня)

Панядзелак - Серада - Пятніца 09.00
Аўторак - Чацвер - Субота  19.00

Лістапад – святыя Імшы толькі вечарам ў 19.00

(у часе Вялікага Посту Крыжовы Шлях і святая Імша ў Пятніцы ў 18.00, Вялікі Тыдзень Службы ў 20.00)

(Май, чэрвень набажэнсты і святыя імшы ў парафіі ў 19.30)

Нядзеля і ўрачыстасці:

09.00              Слабодка
11.00              Друйск
13.00              Быстрымаўцы

Першая пятніца месяца  12.00  Слабодка (складковая Імша аб памерлых)

Сітуацыйныя змены ў раскладзе заўсёды ўдакладняюцца ў парафіяльных нядзельных аб’явах.

Цэтлікі:

Аб трох поўных Бібліях некалькі словаў...
[info]bartnicki

Поўная Біблія (Стары і Новы Запавет) на сучаснай беларускай мове была выдадзена ў эміграцыі ў 1973 годзе (Сьвятая Бібля: Кнігі сьвятога пісьма Старога й Новага закону | З мовы габрэйскае а грэцкае. – Нью Ёрк, 1973. – 840 + 260 с. (Пераклад Я. Станкевіча і М.Гітліна)). Нажаль, гэты пераклад у папяровым варыянце сустрэць можна вельмі рэдка. Пераклад быў здзейснены з арыгінальных моў: Стары Запавет з гэбрайскай мовы, Новы Запавет з грэцкай. Акрамя таго, што гэтае выданне рэдкае, яго лексіка дастаткова складаная для ўспрымання сучаснікамі, напрыклад радавод Лукі 3, 21-38:

23 А Самому Ісусу, як пачынаў, было год трыццаць веку, будучы, як думалі, сынам Язэпа Гілянка, 24 Матфацёнка, Левянка, Мельшанка, Янянка, Язэпенка, 25 Маттафёнка, Амасёнка, Нагумёнка, Есьлянка, Наґґаёнка, 26 Маафёнка, Матгафёнка, Сэмеёнка, Язэпенка, Юдзянка, 27 Яанёнка, Рысаёнка, Зэрувавеленка, Шэалфіеленка, Ніранка, 28 Мельшанка, Адзьдзянка, Косамёнка, Елмодамёнка, Іранка, 29 Ёсянка, Елезэранка, Ёрыменка, Матфацёнка, Левянка, 30 Сыманёнка, Юдзянка, Язэпенка, Ёнанёнка, Елякімёнка, 31 Малеаёнка, Менанёнка, Маттафёнка, Нафанёнка, Давідзёнка, 32 Есянка, Овідзёнка, Воозёнка, Салмонёнка, Наасонёнка, 33 Амінадавенка, Арамёнка, Есромёнка, Фарэсёнка, Юдзянка, 34 Якавёнка, Ісачонка, Абрагаменка, Фаранка, Нахаронка, 35 Сэрушонка, Раґавёнка, Фалечонка, Еверонка, Салянка, 36 Каінанёнка, Арфаксадзенка, Сэмянка, Ноянка, Ламёшанка, 37 Мефусаленка, Енашонка, Ярэдзёнка, Малелееленка, Каінанёнка, 38 Еносёнка, Сыфянка, Адамёнка, каторы быў Божы.

Паступова гэты пераклад размяшчаецца ў электронным выглядзе на сайце Часасловец: http://chasaslovec.info/index.php?do=cat&category=stankevich

Другі пераклад, выдадзены ў 2002 годзе поўнай Бібліі выйшаў тыражом у 10000 экзэмпляраў… Ён стаў больш даступным і мова больш зразумелай. Пераклад здзейсніў Васіль Сёмуха (тэксты ў электронным выглядзе: http://old.knihi.com/biblija/). Нажаль пераклад быў здзейснены не з арыгінальных моваў. Ёсць меркаванне, што ён паўстаў на аснове рускай Сінадальнай Бібліі, так як паўтарае тыя ж самыя ўжо апісаныя і даследаваныя ў навуковых працах памылкі, як тэкстуальнага так і багаслоўскага характару. Напрыклад (адзін са шматлікіх прыкладаў) Мц 22,34:

Сінадальнае:  А фарисеи, услышав, что Он привел саддукеев в молчание, собрались вместе.

Сёмуха: А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам.

Прывёў ў маўчанне – так перакладзена грэцкае “efimwsen” – даслоўна адзяваць наморднік, затыкаць рот. Менавіта гэтае слова выкарыстоўвае і апостал Павел ў 1Цм 5,18:

Сінадальнае: Ибо Писание говорит: не заграждай рта у вола молотящего

Сёмуха: ня цугляй мызу валу, які малоціць

Варта адзначыць, што мова Сёмухі вельмі багатая, ён творча выпашае пошук новых словаў і тэрмінаў. Але, як мы басым Сёмуха, следуючы рускаму Сінадальнаму перакладу, папаўняе і тыя самыя памылкі, якімі яно характарызуецца.

Пераклад айца Чарняўскага – намнога больш просты і прыбліжаны да сучаснай гутарковай мовы. Чарняўскі перакладаў з лацінскай Вульгаты ( гэта пераклад з арыгінальных моваў, аўтарытэтны і шырока выкарыстоўваемы ў Каталіцкай Царкве). Можна шмат спрачацца што да адпаведнасці арыгіналу, ставіць пад пытанне польскі пераклад (Біблія Тысячагоддзя), якім таксама карыстаўся Чарняўскі і яго месца і ўплыў у канчатковай працы, але тым ня менш тэксты перакладу Чарняўскага найбольш зразумелыя (“Апрача таго, тэкст айца Чарняўскага мае і наступныя дадатныя рысы. У ім захоўваецца сьвежасьць беларускай мовы, характэрнай, калі можна так сказаць, для 20-х гадоў. Мне асабліва імпануе сынтаксычная беларускасьць гэтага тэксту. Сёньняшняя беларуская мова больш кульгае якраз на сынтаксыс, на словазлучэньне. У гэтым пляне пераклад айца Чарняўскага больш беларускі ў параўнаньні зь іншымі тэкстамі. Апрача таго, там шмат моўных знаходак самога перакладчыка. Мне вельмі падабаецца, што там захаваны клічны склон – напрыклад, “сыне”, “гаспадару”. ” (А. Жлутка))

Вядома, што выдадзены тэкст перацярпеў многія рэдактарскія змены. Лепшыя яны ці горшыя, патрэбныя ці згубныя да аўтарскага тэксту судзіць тым, хто распачне чытанне Бібліі, але і тут рэдактары падыйшлі да тэкста перакладчыка вельмі шанавальна – пазначаныя курсівам іх умяшальніцтвы і дапаўненні. Для мяне асабіста стае зразумелым – мэта рэдакцыйнай камісіі – зрабіць больш даступным Божае Слова сучаснаму беларусу, а бяручы пад увагу, што тэкст звяраўся дадаткова з лацінскай (Новай) Вульгатай (і такая праца была выкананая), рэдакцыя звярнулся за дапамогай экспертаў у галіне біблістыкі і герменэўтыкі – гэты тэкст можна лічыць і найбольш адпавядаючым лацінскаму арыгіналу.

Ці варта “цугляць мызу” кожнаму, хто звернецца да тэкста Чарняўскага? – Мне падаецца, што варта задумацца: дзе знайсці Біблію на беларускай мове, якую б можна было літаральна ўзяць у рукі, была б даступнай для семантычнага і лексічнага ўспрымання сучаснікам і адначасова так прібліжана да арыгінальнага тэксту, каб яе чытаць. 

Цэтлікі:

У нашай парафіі збіраем цукеркі для дзяцей з дзіцячага дома
[info]bartnicki

«Карытас» парафіі Божага Провіду ў Слабодцы распачаў акцыю «Дзелімся любоўю з дзецьмі». Мэтай акцыі з’яўляецца збор на працягу Вялікага посту цукерак для дзяцей з дзіцячага дома.

Многія вернікі робяць розныя пастановы на час Вялікага посту, каб перажыць гэты перыяд плённа, гартуючы свой дух, пазбаўляючыся ад дрэнных схільнасцяў і звычак, удасканальваючыся ў пабожных практыках і паглыбляючы сваё духоўнае жыццё. Падзяліцца любоўю з дзецьмі, пазбаўленымі бацькоўскага клопату і любові, праз сімвалічны жэст — жменю цукерак, з’яўляецца, магчыма, самым простым учынкам, які пад сілу кожнаму, але радасць на тварах дзяцей і ўсмешкі — лепшая адзнака нават такога простага ўчынку.

Гэта ўжо другая падобная акцыя. У мінулым годзе ў Друеўскі дзіцячы дом было перададзена каля двухсот кілаграмаў цукерак, якія назбіралі вернікі падчас Вялікага посту.

Цэтлікі:

Традыцыі Вялікага посту ў гісторыі Касцёла
[info]bartnicki

Святы Ірыней (памёр каля 202 г.) піша, што ў ягоны час звычай пасціць існаваў у Галіі: у гонар 40-дзённага посту Пана Езуса Хрыста быў наказаны 40-гадзінны пост (гэта значыць, што ён быў абавязковы ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу). У ІІІ ст. пост працягваецца ўжо цэлы тыдзень.

Нарэшце, на пачатку IV стагоддзя быў уведзены 40-дзённы пост у памяць посту  Хрыста. Упершыню ўзгадвае пра гэта св. Атаназій Александрыйскі ў пастырскім пасланні з нагоды Вялікадня 334 года. Там ён тлумачыць, як найлепшым чынам падрыхтаваць вернікаў да Вялікадня.

У IV ст. 40-дзённы пост ужо шырока практыкуецца. Гэта пацвярджае і св. Кірыл Ерузалемскі, калі піша ў сваіх катэхезах пра 40 дзён пакуты. 

На Усходзе пост працягваўся 8 тыдняў, аднак гэта было таму, што субота і нядзеля былі вызвалены ад яго. Таму да поўнай колькасці 40 дзён посту трэба было дадаць яшчэ некалькі дзён. У VI стагоддзі ў Рыме пост распачынаўся за шэсць тыдняў да Вялікадня. Тым не менш, за вылікам нядзелі, у якую ніколі не пасціліся, пост на самой справе працягваўся ўсяго 36 дзён. Такім чынам, у VII стагоддзі дададзены былі некалькі дзён і пачатак Вялікага посту быў прызначаны на Папяльцовую сераду. Нарэшце, сталая традыцыя распачынаць Вялікі пост у Папяльцовую сераду ўстанавілася ў традыцыі Каталіцкага Касцёла ў 1570 г. Пачынаючы ад папы Рыгора I Вялікага (памёр у 604 г.), фарміруецца «перадпосце». За тры тыдні перад Вялікім постам Касцёл уводзіў фіялетавы колер, колер пакуты і пакаяння, з малітваў і песняў былі выдалены радаснае «Алелюя». У 1248 годзе папа Інакенцій IV скараціў пост, устанавіўшы яго пачатак на Папялец. Перадпосце было свайго роду «сенцамі», увядзеннем у настрой Вялікага посту. 

Літургічнай рэформай Другога Ватыканскага Сабору Перадпосце было адменена. Аднак на тэрыторыі Польшчы пост разам з Перадпосцем (усяго 70 дзён) захоўваўся ажно да XVIII стагоддзя, а ў некаторых мясцінах нават да ХІХ стагоддзя. 

Звычай пасыпання галавы попелам у знак жалобы і пакаяння, якім адзначаецца Папялец, вядомы ў многіх культурах і традыцыях, у тым ліку і ў Старажытным Егіпце, у арабаў і ў Грэцыі. У літургіі ён з’явіўся ў VIII стагоддзі. Першае сведчанне асвячэння попелу паходзіць з Х стагоддзя. У 1091 г. папа Урбан II абязаў увесці гэты звычай ва ўсім Каталіцкім Касцёле. У той жа час было ўстаноўлена, што попел, якім карыстаюцца для пасыпання галоваў вернікаў, павінен паходзіць з вербных (пальмовых) галінак, асвячоных у Пальмовую нядзелю ў мінулым годзе.

Папялец — у адпаведнасці з канонамі Кодэкса кананічнага права 1251–1252 гг. —  абавязвае да ўстрымання ад ужывання ў ежу мяса, а таксама да сціслага посту (трохразовае харчаванне, у якім толькі адзін раз — да сытасці). Закон устрымання абавязвае ўсіх, каму больш за 14 гадоў і каму не больш за 60 гадоў. Закон не накладае на вернікаў абавязку ўдзельнічаць у гэты дзень у Эўхарыстыі (хоць гэта звычайная практыка, якая не павінна быць адменена без важных прычын).


Чытаць болей... )



http://catholic.by

Цэтлікі:

Рараты — падзяка Панне Марыі за яе «так»
[info]bartnicki

Рараты — адмысловыя святыя Імшы ў перыяд Адвэнту. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае.

Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.

Рараты асаблівым чынам нагадваюць нам пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста — нашага Сонца і Святла ўсяго свету. У Беларусь раратняя Імша прыйшла з Захаду, дзе была вядома ўжо ў XIII ст. Падчас гэтай Імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй і з’яўляецца сімвалам Апякункі перадкаляднага чакання — Марыі. Найсвяцейшая Дзева з’яўляецца не толькі Апякункай чакання, але перш за ўсё прыкладам чакання і прыпадабнення Богу. Раратка — сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло. Звычайна гэта свечка белага альбо светла-жоўтага колеру, перавязаная белай (ці блакітнай) стужкай і ўпрыгожаная зеленню ці ліліямі. У касцёлах раратку ставяць у сярэдзіну адвэнтавага вянка або пры алтары. Белая стужка на раратняй свечцы нагадвае праўду аб чысціні і Беззаганным Зачацці Марыі, а зеляніна — колер надзеі — гэта знак, што Марыя прынесла свету Надзею ўсіх часоў і пакаленняў. Ліліі і блакітная стужка традыцыйна сімвалізуюць саму Багародзіцу.

Раратняя святая Імша цэлебруецца ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі і з’яўляецца следствам урачыстасці Звеставання (якая святкавалася з даўніх часоў 18 снежня). Засяроджанне на Панне Марыі ў часе Адвэнту мае сваё важнае значэнне: дачка Ізраэля, Маці Езуса і Маці Касцёла вучыць нас сапраўднаму чуванню перад прыйсцем Бога. Яна разам са старазапаветным народам чакала прышэсця Месіі. Пасля звеставання, як будучая маці, цярпліва чакала ўзрастання новага Жыцця, якое прыносіць у свет збаўленне. Сёння, узятая на нябёсы, Багародзіца чакае разам з усім Касцёлам на зямлі і на небе другога прыйсця Суддзі справядлівага, узмацняючы Касцёл сваім заступніцтвам і апекаю.

Рараты — гэта падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі за яе згоду стаць Маці Збаўцы. Раратняя Імша з’яўляецца знакам асаблівай прысутнасці Марыі падчас Адвэнту, бо менавіта яна чакала Збаўцу так, як ніхто іншы. Перажывала яна гэты час чакання як дачка Ізраэля, як Маці Езуса і як Маці Касцёла.

З 17 снежня распачынаем другую частку Адвэнту, адной з праяваў якой з’яўляецца адмысловы спеў на вячэрняй Літургіі гадзінаў сямі «О»-антыфонаў — такая назва вынікае з таго, што ўсе гэтыя антыфоны пачынаюцца з «о».

«О»-антыфоны складаліся на працягу самых першых стагоддзяў Касцёла. Пра іх згадвае Баэцый (пам. у 525 г.). У VIII стагоддзі яны ўжо выкарыстоўваліся ў Рыме. Усяго існуе сем гэтых адмысловых антыфонаў, тэксты якіх узыходзяць да габрэйскіх пісанняў Старога Запавету, да кніг Прарокаў і Прамудрасці. Яны ўтрымліваюцца ў Літургіі гадзінаў і ў старым Рымскім Брэвіярыі, які выкарыстоўваюць святары, манахі, кансэкраваныя панны і іншыя вернікі для сваёй штодзённай малітвы. 

Цікавае назіранне: у гэтых антыфонах выкарыстоўваюцца наступныя лацінскія найменні Месіі: Sapientia (Прамудрасць), Adonai (Бог), Radix (Корань), Clavis (Ключ), Oriens (Усход), Rex (Цар) і Emmanuel (Эмануіл). Калі ўзяць першыя літары гэтых слоў і выбудаваць іх у зваротным парадку, атрымаецца EROCRAS — «Ero cras» («Я буду заўтра»).

Цэтлікі: ,

(бяз тэмы)
[info]bartnicki
Мітрапаліт Кандрусевіч звяртаецца да ўладаў Беларусі з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне

«Звяртаюся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і заканадаўчай улады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, каб затым зусім яго адмяніць», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю для Catholic.by, кажучы пра апошнія падзеі ў беларускім грамадстве — смяротны прысуд, вынесены Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

Чытаць болей... )

Catholic.by

Цэтлікі:

Успамін Маці Божай Вастрабрамскай
[info]bartnicki

16 лістапада — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай, якая ўшаноўваецца хрысціянамі як заступніца Літвы і Беларусі. Культ Маці Божай з Вострай Брамы вельмі распаўсюджаны ў Беларусі, а копію абраза можна сустрэць у многіх беларускіх святынях, як каталіцкіх (многія з якіх носяць яе імя), так і праваслаўных. 

З’яўленне абраза, з выявай Маці Божай са складзенымі на грудзях рукамі і схіленай галавой, адносяць да XVI ст. Першапачаткова ён называўся па месцы паходжання Корсунскім, а па змесце — Дабравешчанскім. Цудатворны абраз Маці Божай Вастрабрамскай адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без маленькага Езуса на руках. Як лічаць мастацтвазнаўцы, вастрабрамскі абраз з’яўляецца часткай кампазіцыі Спаслання Святога Духа. Дзева Марыя намаляваная ў момант з’яўлення Арханёла Габрыэля.

2 ліпеня 1927 г. абраз быў каранаваны паводле дэкрэта папы Пія XI. Абрад здзейсніў Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Аляксандр Какоўскі. У 1928 г. абраз быў змешчаны ў капліцы ў адмысловым металічным кантэйнеры, які аберагае яго ад пажараў і злодзеяў.

У 1993 г. падчас візіту ў Літву папа Ян Павел II цэлебраваў урачыстую Імшу перад абразом Маці Божай. Наведваючы літоўскую сталіцу Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II таксама ўшанаваў вастрабрамскі абраз.



http://catholic.by


11 лістапада - 10 год святарства....
[info]bartnicki
Перачытваю інтэрв'ю, якое было апублікована ў дзень майго рукапалажэння... 


О. Сергей Суринович: "Вести людей к Богу"
№ 41 (343) 11.11.2001

Чытаць болей... )


10 год святарства... Думаецца апошнім часам, што гэтага вельмі мала, каб навучыцца быць сапраўдным святаром, адданым Богу і службе людзям бяз рэшты... Дзякую Богу за ўсе святыя Імшы, хросты, шлюбы, споведзі... За кожнага чалавека, якога сустрэў на сваім шляху...

Вы праглядаеце журнал [info]bartnicki